З нагоды сёняшняга беларускага нацыянальнага свята - дня Волі, хочацца падзяліцца харошай навіной.
Пабачыла свет кніга Нерастраляныя - грунтоўнае выданне, створанае Сяргеем Будкіным https://www.facebook.com/sbudkin, прысвечанае нашай вечнай болі - маладым, таленавітым беларускім паэтам, якія былі растраляныя ў 1937 годзе. Гэтая кніга - годнае ўпрагожванне ўсяго праекту Нерастраляныя https://www.facebook.com/nierasstralianyja/, які ўключаў і стварэнне музычнага альбому славутымі беларускімі музыкамі на словы гэтых паэтаў, і спецыяльны канцэрт, дзе мне пашчаслівілася быць, і серыя лекцый вядомых сучасных дзеячаў мастацтва па розных беларускіх гарадах, і многае іншае. Я лічу гэта праект наймацнешым беларускім культурным, грамадскім і сацыяльным праектам 21 веку.
Марыя Сцяпанаўна шмат зрабіла для ўшанавання паэтаў, якім пашчасціла болей - Ўладзіміра Клішэвіча, Лявона Шпакоўскага-Случаніна, і, гледзячы на змест імпрэзаў, якія яна рабіла (напрыклад https://youtu.be/FYS07rrsTwk), бачыцца, што яна ведала пра лёс тых маладых, іншых паэтаў, лёсы якіх былі загублены без віны.
Цікавы лёс Уладзіміра Клішэвіча. Ён сядзеў у камуністычнай турме, і апасля пачатку вайны яго, як і шмат каго іншага, проста вырашылі растраляць, каб было меней клопатаў. Яму пашчасціла, ён выжыў. І варыянтаў, што рабіць, у яго не было - калі да камуністаў - дык растрэл, смерць.. Калі даведваешся пра такія факты, дык дзесьці разумееш, чаму малады Лявон Шпакоўскі-Случанін не спяшаўся адыходзіць, і так і застаўся пры немцах працаваць у газете ў горадзе Слуцку. Ужо потым, апасля адыходу з немцамі, іх лёсы разыйдуцца - Клішэвіч з'едзе ў ЗША, а Случанін вернецца да Саветаў, дзе атрымае 15 гадоў лагероў.
Ім адобвум пашчасціла, што ў 1937 годзе яны яшчэ не былі досыць вядомымі паэтамі, таму атрымалася выжыць, але сэнс - зразумелы..
Да тэмы - захавалася сведчанне Ўладзіміра Клішэвіча аб смерці ў лагерах паэта Ўладзіміра Хадыкі - Памяці паэта Уладзіміра Хадыкі, яго можна прачытаць тут https://acaraj-kuta.blogspot.com/2020/10/1-1-2020_28.html
Вяртаючыся да кнігі Нерастраляныя. Цудоўна, што ёсць спадкаемнасць творчых генерацый, што вершы гэтых паэтаў, іх лёсы да нас дайшлі, яны не згінулі. Натхняльна, што ёсць такія праваднікі культуры і каштоўнасцяў, як Марыя Сцяпанаўна, якія ўпітваюць і перадаюць іншым пакаленням досвед. І як сорамна, крыўдна і жорстка, што ў цэлым кантэкст 1937га вярнуўся, няхай і не такі брутальны, як тады (шмат хто тут бы паспрачаўся).
Жыве Беларусь! Са святам, родныя беларусы!