Салігорскае танга! 🔥ПРЭМ'ЕРА🔥 Салігорскае танга 🎧 Паслухаць песню на любой зручнай платформе вы можаце тут👇 https://band.link/MLCsR Нарэшце наш гурт скончыў працу над студыйнай версіей песні Салігорскае танга, прысвечанай памяці Мацюкевіч Марыі Сцяпанаўны. Песня была напісаная да падзей жніўня 2020, але нажаль яна стала прарочай. З іншага боку - скончваецца песня словамі Запрашу я Вас Ранішняй вясёлкай Падбадзёрыць нас. Жыццё працягваецца нават зараз. Трэба жыць, аднаўляцца, чарпаць натхненне, шукаць вытокі. У гэты змрочны, але з гэтым і насычаны час мне хочацца ўспомніць аб тых людзях, якія амаль паклалі сябе дзеля спадчыны, дзеля беларушчыны, каб перадаць полымя далей. Такім чалавека з'яўляецца Марыя Сцяпанаўна Мацюкевіч. Яна была маёй настаўніцай беларуской мовы і літаратуры - вельмі незвычайнай настаўніцай. З аднаго боку гэта быў вельмі дзейсны чалавек, цудоўны арганізатар, яна была кнігавыдаўцом, у яе была свая газета Рагнеда, яна была адной са стваральнікаў Таварыства Беларускай Мовы ў Салігорску. І яна была досыць слынным, досыць вядомым дзеячам беларускага нацыянальнага адраджэння 90х гадоў. І як настаўніца - яна была неверагоднай. Да прыкладу - калі мы праходзілі творчасць Рыгора Барадуліна, ці Генадзя Бураўкіна, то гэтыя знакамітыя, геніяльныя паэты Беларусі маглі проста ўвайсці ў наш кабінет, наш класс, і пачаць чытаць свае вершы. У нас пабывалі і Барадулін, і Бураўкін, і Ніл Гілевіч, і шмат іншых. Для нас - салігорскіх дзяцей, звычайных дзяцей, дзяцей звычайных бацькоў - рабочых, гэта было нешта вельмі незвычайнае. Я не магу сказаць, што мы на той час разумелі, што гэта за чалавек, не магу сказаць, што мы разумелі, якой сілай яна валодае. Мы дзесьці смяяліся, але канешне зараз я вельмі хораша разумею, што вось тое, что я размаўляю на беларускай мове, тое, што ў мяне ёсць цікаўнаць да гісторыі, культуры нашага народу - гэта яе заслуга, бо калі я перайшоў на беларускую мову ў 2006 годзе - гэта атрымалася вельмі лёгка. Я думаю, што гэта ўсё было з яе падачы. Лёс Марыі Сцяпанаўны склаўся досыць трагічна. Мы разумеем, як зараз можна цкаваць чалавека - у век інтэрнэту. Мы ўсе гэта разумеем, мы усе гэта ведаем. Тады не было інтэрнэту, не было смартфонаў, не было тэлеграмаў, яна жыла, яна працавала ў звычайным працоўным гарадку, і канешне, у яе было шмат праблемаў і з калегамі, і з бацькамі дзяцей, і з кіраўніцтвам, магчыма, кіраўніцтвам адукацыі гораду. Але яна мне запомнілася чалавекам з высока паднятай галавой, і вось сёння я хачу прадставіць вашай увазе нашу песню Салігорскае танга. Танга - гэта пра яе. Гэта была імклівая, натхнёная, апантаная жанчына, вельмі прыгожая, з высока паднятай галавой, яна нясла на сабе беларушчыну - вельмі прыгожа і вельмі горда. Яшчэ мне хочацца працытаваць некалькі слупкоў гэтай песні: Танга Бела-чырвонае, Яно мяне кронула, Мае ўлюблёнае! Танга Прарасло ў ва мне, Як анёл у ва мгле Цуда божае! Танга Ваш праліты дух - Ён дагэтуль тут Дзіва вечнае. Танга Запрашу я Вас Ранішняй вясёлкай Падбадзёрыць нас. Салігорскае танга - гэта яе жыццё, гэта ўсё, што акружала яе, гэта ўсе акалічнасці, у тым ліку - барацьба, нейкія сумныя акалічнасці, цкаванне. Усё гэта - салігорскае танга. Вобраз гэтай светлай, цудоўнай жанчыны - гэта вобраз танга. Танга, дзе яна танцуе з Беларуссю, дзе яна танцуе з нашай гісторыей, культурай. Марыя Сцяпанаўна Мацюкевіч - гэта прыклад сапраўднага, чыстага настаўніка, які вучыць сваіх дзетак узнёсламу, які з'яўляецца маральным аўтарытэтам, які не прагібаецца. Марыя Сцяпанаўна Мацюкевіч зараз нажаль ужо не з намі.. І мне хочацца пажадаць, каб усе мы памяталі пра нашых герояў, каб мы разумелі, што такіх герояў з невялікіх гарадкоў, з невялікіх мястэчак было тысячы. Дзесьці занядбаных, з нешчаслівым лёсам, але гэтыя людзі верылі ў Беларусь, верылі ў нас, верылі ў развіццё нашага народу, і зараз, калі мы маем гэты неверагодны ўздым нашай нацыі, нечаканае распрамленне плеч нашых людзей, неверагоднае вяртанне бел-чырвона-белага сцягу і гербу Пагоню, а вельмі хутка будзе вяртацца і мова, і ўсё іншае - давайце памятаць пра іх - пра гэтых герояў. І, як паецца ў песні, давайце адчуваць натхненне, таму што гэтыя людзі пакінулі вельмі шмат крутых вынікаў, вельмі шмат энергіі. Я хачу паклікаць Марыю Сцяпанаўну Мацюкевіч, каб ранішняй вясёлкай яна падбадзёрыла нас. Такім чынам, Салігорскае танга. Памяці Марыі Сцяпанаўны Мацюкевіч!

Теги других блогов: музыка песня Мацюкевіч